Баранавіцкая вобласць

Материал из БарЭнц
Перейти к навигации Перейти к поиску

Баранавіцкая вобласць

4 снежня 1939 года быў падпісаны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб стварэнні Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцей у складзе БССР.

У склад Баранавіцкай вобласці на той час уваходзілі наступныя 26 раёнаў: Быценьскі, Валеўкаўскі, Васілішкаўскі, Валожынскі, Воранаўскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Жалудоцкі, Зельвенскі, Івянецкі, Іўеўскі, Клецкі, Казлоўшчынскі, Лідскі, Ляхавіцкі, Любчанскі, Мірскі, Мастоўскі, Нясвіжскі, Наваградскі, Навамышскі, Радуньскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі і Юрацішкаўскі. Напрыканцы 1940 года Валеўкаўскі раён быў пераназваны ў Карэліцкі.

Гарады Баранавічы і Ліда вылучаліся ў самастойныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі абласнога падпарадкавання. Таксама ў вобласць ўваходзілі 7 гарадоў раённага падпарадкавання (Валожын, Клецк, Ляхавічы, Навагрудак, Нясвіж, Слонім і Стоўбцы), 10 гарадскіх пасёлкаў і 367 сельсаветаў. Агулам Баранавіцкая вобласць займала 23,3 тысячы км кв., з насельніцтвам 1,185 млн чалавек (для параўнання, у Брэсцкай вобласці ў 2011 годзе пражывае 1,395 млн чалавек, вобласць займае 32,8 тысячы км кв.).

Летам 1944 года Сталін перадаў 17 раёнаў Беластоцкай вобласці камуністычнай Польшчы. З раёнаў, якія засталіся ў БССР, пачалі фармаваць Гродзенскую вобласць. Для яе павелічэння 20 верасня 1944 года з Баранавіцкай вобласці выключылі Васілішкаўскі, Воранаўскі, Жалудоцкі, Зельвенскі, Лідскі, Мастоўскі, Радуньскі і Шчучынскі раёны, а таксама горад Ліду.

У той самы дзень у склад новастворанай Маладзечанскай вобласці адышлі Валожынскі, Іўеўскі і Юрацішкаўскі раёны.

Баранавіцкая вобласць зменшылася да 13,7 тыс. км кв., і ў яе склад уваходзіла ўжо 15 раёнаў: Быценьскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Івянецкі, Клецкі, Казлоўшчынскі, Карэліцкі, Любчанскі, Ляхавіцкі, Мірскі, Нясвіжскі, Навагрудскі, Навамышскі, Слонімскі і Стаўбцоўскі. У 1949 годзе ў вобласці пражывала толькі 654 тысячы чалавек. Лясы займалі 29,5% плошчы вобласці.

У пачатку 1954 года ў СССР пачало адбывацца ўзбуйненне тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак. У сувязі з гэтым 8 студзеня 1954 года Баранавіцкая вобласць была ліквідавана. Яе раёны былі падзелены паміж Брэсцкай, Гродзенскай, Маладзечанскай і Мінскай абласцямі.

Ссылки[править]